Экалагічная этыка - што гэта?

Экалагічная этыка - гэта вучэнне пра маральныя адносiны да прыроды, пабудаваныя на ўспрыманні прыроды як маральнага партнёра (суб'екта), прызнанні ўнутранай каштоўнасці прыроды, раўнапраўя і раўнацэннасці ўсяго жывога і абмежаванні патрэбаў чалавека.

 

Асноўная задача экаэтыкi: разбурыць старое спажывецка-негуманнае стаўленне да прыроды і сфармiраваць новае этыка-экалагічнае стаўленне, якое грунтуецца на павазе да любой формы жыцця на Зямлі і адказнасці за ўласныя ўчынкі ў навакольным свеце.

 

У аснове экалагічнай этыкі як новага філасофскага напрамка ляжаць дзве супрацьлеглыя парадыгмы, якія тычацца статусу чалавека ў прыродзе: антрапацэнтрызм і ня-антрапацэнтрызм. З пункту гледжання антрапацэнтрызму, чалавек з'яўляецца вышэйшай каштоўнасцю ў прыродзе, а ўсё астатняе лічыцца каштоўным пастолькі, паколькі можа быць карысна чалавеку. Ня-антрапацэнтрызм - гэта светапогляд, згодна з якім усё ў прыродзе мае аднолькавую каштоўнасць, пры гэтым чалавек разглядаецца не як «вянок» прыроды, а як яе частка.

 

Ня-антрапацэнтрызм уключае 2 асноўных накiрунка: бiяцэнтрызм і экацэнтрызм. Яны заклікаюць чалавека адмовіцца ад свайго антропаэгаiзма і ў сваёй дзейнасці ўлічваць інтарэсы ўсяго, што iснуе на Зямлі.

 

Асноўныя палажэнні ня-антрапацэнтрызму:

 

1) прыродны свет - сукупнасць жывога і нежывога з іх разнастайнасцю;

2) усё ў прыродзе ўзаемазвязана;

3) любы біялагічны від непаўторны і каштоўнасна значны;

4) чалавек не мае права вырашаць, які біялагічны від з'яўляецца больш ці менш каштоўным у прыродзе;

5) чалавек павінен клапаціцца аб захаванні ўсіх відаў і ўсіх жывых істот на Зямлі, накіроўваючы асаблівыя намаганнi на ахову іх асяроддзя пражывання.

 

Заснавальнікамі экалагічнай этыкі традыцыйна лічаць нямецка-французскага тэолага, урача і філосафа, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Альберта Швейцара (1875-1965) і амерыканскага эколага, заолага і філосафа Олдо Леапольда (1887-1948).

 

У цяперашні час экалагічная этыка выкладаецца як абавязковая дысцыпліна ў навучальных установах ЗША, Канады, Аўстраліі, Фінляндыі і інш. У Беларусі яна вывучалася ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце ім. А.Д. Сахарава з 2000 па 2014 г.