19.12.2016

Навуковая грамадскасць усхвалявана:
заказнік "Налібоцкі" хочуць ператварыць у паляўнічую гаспадарку

На мінулым тыдні ў сацыяльнай сетцы "Фейсбук" з'явілася інфармацыя са спасылкай на артыкул у Беларускай лясной газеце, аўтарам якой выступіў М. Талочка. Дадзены артыкул пад назвай "Васiль Гуркоў: паляўнiчыя - гэта авангард беларускiх эколагаў" выклікала ў грамадстве здзіўленне. Як асаблiва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй можа кіраваць паляўнічы, на рахунку якой не адзін дзясятак забітых звяроў? З сітуацыяй разбіралася ECOETIKA.BY. Мы адразу ж вырашылі звярнуцца да беларускіх навукоўцаў, каб яны нам растлумачылi сiтуацыю. І з гэтай мэтай звязаліся з супрацоўнікамі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. У адказ на наш зварот па электроннай пошце мы атрымалі некалькі водгукаў на дадзены артыкул, аўтарамі якіх з'яўляюцца аўтарытэтныя навукоўцы, чые імёны ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Прыводзім іх ніжэй.

"Выклікае здзіўленне жаданне дырэктара ААПТ вырашаць праблемы колькасці жывёл пры дапамозе стрэльбы"

"Васіль Уладзіміравіч Гуркоў - вядомы практык-паляўніцтвазнавец у Беларусі. Многія падыходы, якія прымяняюцца на тэрыторыі кіраванага ім Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі», з'яўляюцца наватарскімі і заслугоўваюць укаранення ў практыку іншых ААПТ (асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі). Сам заказнік «Налібоцкі» - прыклад стварэння прыродаахоўнай тэрыторыі з вялікім патэнцыялам у сферы развіцця экалагічнага турызму.

 

Пры ацэнцы разгледжаных у публікацыі падыходаў не варта забываць аб тым, які прыродаахоўны статус мае ў цяперашні час тая тэрыторыя, кіраўніцтва якой ўскладзена на Васіля Ўладзіміравіча. У першую чаргу гэта Рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Згодна з дзеючым заканадаўствам гаспадарчая дзейнасць на тэрыторыі заказнікаў адрозніваецца ад яе на тэрыторыі паляўнічых гаспадарак. Таму выклікае здзiўленне жаданне дырэктара ААПТ вырашаць праблемы колькасці жывёл пры дапамозе стрэльбы. ААПТ ствараюцца ў першую чаргу для захавання натуральнай структуры папуляцый жывёл у тым ліку і драпежнікаў. Недарэчна параўноўваць тэмпы прыросту жывёл на тэрыторыі заказніка з такiмi ў паляўнічых гаспадарках, дзе арыентацыя ідзе ў першую чаргу на рэнтабельнасць і атрыманне прыбытку ад вядзення гаспадарчай дзейнасці. Дзе ля заказніка прыярытэтным з'яўляецца экалагічнае асвета насельніцтва пры дапамозе дэманстрацыі адносна натуральнага прыроднага асяроддзя і жывёл, якія ў ёй жывуць, а таксама ахова рэдкіх вiдаў і вiдаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Стварэнне буйных статкаў жывёл (у тым ліку і капытных) на такіх тэрыторыях не дапушчальна.

 

У дачыненні да драпежнікаў на тэрыторыі РЛЗ «Налібоцкі» В.В. Гуркоў спрабуе прымяніць тыя ж падыходы, што існуюць для паляўнiчых гаспадарак цалкам. Што, з майго пункту гледжання, з'яўляецца не карэктным. Папуляцыя гэтых жывёл у межах заказніка павінна ахоўвацца, а на прылеглых тэрыторыях, якія не маюць гэтага статусу, паляўнiчыя вольныя праводзіць рэгуляванне iх колькасці на сваё меркаванне, кіруючыся Правіламі палявання. Безумоўна гэта даволi фармальны падыход, аднак толькі пры выкананні гэтай умовы мае сэнс існавання любой прыродаахоўнай тэрыторыі, у адваротным выпадку яна ператвараецца ў радавую паляўнічую гаспадарку.

 

Хацелася б звярнуць увагу на назву артыкула: яна гучыць некарэктна, да таго ж дэманструюцца фатакарткi забітых жывёл ".

Рыгор Янута,

 

загадчык лабараторыі тэрыялогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах,
кандыдат біялагічных навук, дацэнт

"Лічу гэтую сітуацыю, перакуленую з ног на галаву,
ненармальнай, а саму назву і кантэкст артыкула М.Талочкі -
сур'ёзным выклікам усёй справе аховы прыроды ў Беларусі"

"Пачытаўшы гэтую публікацыю ў лясной газеце і ведаючы В. Гуркова як дырэктара прыродаахоўнай установы Заказніка "Налібоцкi" і ўбачыўшы першы жа яго фотаздымак з карабінам у руцэ ў артыкуле, дзе ён бахваліцца, што ён забіў больш сотні ваўкоў і ратуе за забойства драпежнікаў у прыродным рэзерваце Налібоцкай пушчы, узнікае маркотнае ўяўленне, што кіруе гэтай установай не прыродаахоўнік, а зацяты паляўнічы, апантаны забойствам жывёл.

 

Ён кажа, што чалавек павінен гаспадарыць у лесе, а не ваўкі і іншыя драпежнікі, але ён забываецца на тое, што ён кіруе не паляўнічай гаспадаркай, а прыродаахоўнай установай і ахоўвае ўнікальны прыродны комплекс, дзе прыродны развой павінен ісці сам сабой і дзе менавіта драпежнікі - кіраўнічая каста.

 

В. Гуркоў спасылаецца на большую прадукцыйнасць папуляцый аленяў у шэрагу паляўнічых гаспадарак, але забываецца на тое, што для прыродаахоўнай установы гэта не паказчык, бо тут алень - не дзеля палявання.

 

Ён піша, што яны кожны год спрабуюць здабыць дазвол на забойства ваўка, але забываецца на тое, што ўзгодна прынятым у дзяржаве (Мінпрыроды) дакументаў, як раз такі ўсталявана зусім іншае, процілеглае.  У плане кіравання заказнікам "Налібоцкі" зацверджана, што воўк у дадзеным рэгіёне - уразлівы гатунак і трэба ажыццяўляць ягоную ахову ў заказніке. План кіравання папуляцыяй ваўка, прынятый Мінпрыродай, забараняе здабычу ваўкоў на ахоўваемых тэрыторыях плошчай балей 400км2. В.Гуркоў ведае, што трэба рабіць у дачыненні ваўка ў заказніку "Налібоцкі", але намагаецца зусім супрацьлеглага і зацята хоча забіваць ваўка ў заказніку, грэбуючы сваімі дырэктарскімі абавязкамі, усталяванымі прыгаданымі Планамі кіравання.

 

В. Гуркоў піша, што яны ў цяжкі час падкармліваюць жывёл. Я памятаю час снежнага цыклона Хаўер, як у снежны месяц пасля яго больш 90% казуль загінула (а гэта ня менш 4000 казуль), а адміністрацыя заказніка нічога не зрабіла, каб падтрымаць і падкарміць жывёл наяўным сіласам, які так і застаўся не скарыстаным суседнім калгасам у цэнтральным урочышчы Козлкі.  Ужо праз палову года на пасяджэннях  Мінпрыроды і ў  зваротах на здабычу ваўка В.Гуркоў вінаваціў  у масавай загубе казуль ваўкоў, а не сябе.

 

Часам пры асушальных канавах гінуць зубры. В. Гуркоў вінаваціць, што іх забіваюць ваўкі, тады як яму відавочна, што зубры храснуць у тарфу гэтых каналаў. Але зручней, безумоўна, вінаваціць ваўкоў. Памятую, як цягнулі чатырох зуброў, гінуўшых у затарфанай канаве ў Налібоцкай пушчы, цяжка выпрасіў дапамогу ў В. Гуркова. Ня трэба вінаваціць ваўкоў, а трэба ачышчаць ад тарфу зубровыя пераходы праз каналы.

 

Добра прыгадваецца мне і аб заказніцкім клапоце пра глушцоў, аб якім ён піша. Вясной 2016 года гэты клопат выліўся ў набітыя новыя дарогі праз цэнтр глушцовых такоў у асабліва ахоўваемых тэрыторыях, а такcама ў дзясятках і дзясятках растаўленых цяжэзных жэрдзева-сетчатых пастак без сігнальных сістэм, што без сумневу ломяць глушцам і лапы і крыдлы і г.д., аб чым ужо пісалася тут.

 

На мейсцы Міністраў я б не прымаў бы у супрацоўнікі прыродаахоўных устаноў, тым балей у кіраўнікі, паляўнічых. Тады як у заказніке "Налібоцкі" асноўныя супрацоўнікі - гэта паляўнічыя з пажыццёвым стажам.

 

Лічу гэтую сітуацыю, перакуленую з ног на галаву, ненармальнай, а саму назву і кантэкст артыкула М.Талочкі - сур'ёзным выклікам усёй справе аховы прыроды ў Беларусі".

 

Вадзім Сідаровіч,

галоўны навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах,

доктар біялагічных навук, прафесар

(30 гадоў стажу даследавання драпежнікаў, у тым ліку ваўка)

 

 

Паважаныя чытачы, калі вас закранула дадзеная тэма, накіроўвайце калі ласка вашы каментарыi ў рэдакцыю Беларускай лясной газеты. Унізе артыкула - форма для адпраўкі каментарыяў.

 

Кожны з вас можа таксама звярнуцца са сваімі скаргамі, заўвагамі і прапановамі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Адправіць зварот можна як заказным лістом, так і ў электронным выглядзе. Узор ліста глядзiце тут.

 

Аўтар артыкула: Людміла Лагiноўская