09.11.2017

У Мінску малпаў утрымліваюць у адзіночных карцэрах, памерам 1 кв.м - дапамажыце выратаваць жывёл!

Просім грамадскасць звярнуць увагу на неналежнае ўтрыманне дзікіх жывёл ва ўмовах перасоўнага заапарка, а таксама на незаконную дзейнасць, якую на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе Тульскі перасоўны заапарк "Заасвет" ("Зоомир", ён жа "Фламінга" і "Венера").

"Першае, што кідаецца ў вочы, неадпаведнасць памераў жывёл і вальераў. Буйныя дзікія жывёлы такія, як львы, тыгры, ягуар, лігр, гіена знаходзяцца ў клетках, дзе ад сценкі да сценкі яны могуць зрабіць тры крокі. Перыядычна яны выюць і спрабуюць выбрацца з клетак, - піша нам Вольга, якая наведала дадзены заапарк разам са сваім пляменнікам. - Усе, што я ўбачыла, выклiкала ў мяне жах, а дзіця атрымала псіхалагічную траўму"

"Уявім, што ваша дзіця з дзяцінства замкнулі ў вальеры, дзе акрамя кратаў няма наогул нічога, дзе яно правядзе ўсё сваё жыццё да самай смерці, напрыклад, 20 гадоў, у ізаляцыі ад сабе падобных асобін, дзе яно будзе ляжаць, спаць і спаражняцца ў адным і тым жа месцы. Так, за ім будзе хто-небудзь даглядаць, але ад гэтага дзіцяцi лягчэй не стане, - абураецца Анжаліка, якая таксама наведала перасоўны заапарк у Новай Баравой. - Чаму ў адносінах да чалавека такія дзеяннi лічацца негуманнымi, а ў адносінах да жывёлы гэта застаецца абсалютна безнаказанным і нават заахвочваецца?"

"Утрыманне вярблюда ў мяне выклікала страту гаворкі. Яго вальер настолькі малы, што нават аднаго кроку ён зрабіць не можа. Калі ён стаіць па дыяганалі свайго жылля, галавой ён упіраецца ў адзін кут, а задам у іншы. Горб яго амаль упіраюцца ў столь. I прашу заўважыць, што ён там жа і патрэбы свае спраўляе і ляжыць потым у іх, - працягвае Вольга. - Малпы сядзяць у адзіночных карцэрах 1 метр на 1,5. Няма ніводнага прыстасавання, якое б давала магчымасць павісець, палазіць. А як мы ведаем , для малпаў гэта жыццёва важная функцыя "

Супрацоўнікі Цэнтра этычных адносін да прыроды 30 кастрычніка 2017 года наведалі дадзены заапарк, які размясціўся цяпер у жылым мікрараёне "Новая Баравая" каля Мінска, каб пераканацца асабіста ў праўдзівасці інфармацыі, прадстаўленай відавочцамі.


На аснове убачанага, мы напісалі заяву ў Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і іншыя інстанцыі. "Памеры клетак, у якіх утрымліваюцца жывёлы - у 4 разы менш памераў, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (Пастанова Мінпрыроды ад 31.01.2008 N 9), - каментуе дырэктар Цэнтра Людміла Лагiноўская. - І аднаго гэтага ўжо дастаткова, каб зразумець, на якія пакуты тут выраклі нашых суседзяў па планеце "

 

У дадзены момант у дачыненні да ўладальнікаў перасоўнага заапарка з Тулы запушчаны адміністрацыйны працэс па артыкулах 15.32 і 15.33 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пра гэта паведаміла нам кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова.

Аўтар артыкула: Людміла Лагiноўская

Куды можна паскардзіцца?

 

У Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

а) адпраўце зварот у электронным выглядзе http://www.minpriroda.gov.by/ru/social_reception-ru/

б) адпраўце зварот па пошце заказным лістом: 220004, г. Мінск, вул. Калектарная 10

 

Вашы прапановы па забароне перасоўных заапаркаў (звярынцаў) на тэрыторыі РБ адрасуйце сюды:

 

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

а) адпраўце зварот у электронным выглядзе http://www.minpriroda.gov.by/ru/social_reception-ru/

б) адпраўце зварот па пошце заказным лістом: 220004, г. Мінск, вул. Калектарная 10

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: 220010, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

 

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь: 220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

 

 

У звароце (лісце) неабходна ўказаць:
 

Прозвішча, iмя, iмя па бацьку, поўны адрас пражывання, дата і подпіс (для заказнога ліста)

Прозвішча, iмя, iмя па бацьку, поўны адрас пражывання, дата і e-mail (для электроннага звароту)

 

Падпішыце электронную петыцыю за забарону перасоўных заапаркаў (звярынцаў) у Беларусі:

https://petitions.by/petitions/1142